Беларуская Старонка

* * *

О ласкавая прыгажосць мовы беларускай —
гэтай шчырай дзетачкi палёў i лясоў!
Ты iснавала заўсёды, але маё сэрца не чула цябе,
пакуль ты, нечаканая, не ўвайшла ў яго
на схiле гадоў.
Ты як каханне, якое спазнiлася i стала вячэрняй
радасцю i болем маёй душы.

* * *

Калi знiкае лета

Час развiтальны, вельмі сумны час,
Калi знiкае стомленае лета,
Тады блiжэй становiцца да нас
Цудоўны верш натхнёнага паэта.

За чарадою год, амаль забыты,
Як слабы гук далёкiх вешчых струн.
Душой жаданы, ён цяпер здабыты —
Вянок неўвядальны вечных дум.

I ў гэты час журботы невыказнай,
Калi з прыродай адчуваем боль,
Паэта верш, магчыма, падрабязней
Гадоў ускалыхне мiнулых соль.

 

* * *

У блакiтным небе матылёк
Жывою кветкаю кружыўся
I вельмi сонейку дзiвiўся,
А да яго ўзляцець не мог.
Казала сонейка на гэта:
«Мой падарунак, бачыш,— лета.
I ты, маленькi, сцеражыся,
Каб ля мяне не апячыся.
Жадаеш шмат — загубiш ўсё:
У малым — i шчасце, i жыццё».

 

* * *

Што мне да кватэры?
Хай ўсё стане прахам!
Памятаю хату
З саламяным дахам.

Пад магутным дубам,
Дзiўная, як казка,
Вокнамi глядзела,
Быццам сама ласка.

Без замка стаяла
Хатачка ў Насцi,
Бо ў той бабулi
Не было што красцi.

Я душой хiлiўся
Да ўсяго старога,
Але нехта хаце
Назву даў — бярлога.

Слухаючы гэта,
Смешна стала Насцi:
Ведала бабуля
Незямное шчасце.

Што мне да кватэры?
Хай ўсё стане прахам!
Памятаю хату
З саламяным дахам.

 

* * *

Вiнтоўка, Воўк i Воўка

Iдзе па лесе Воўка —
Яму насустрач воўк.
«Во! Каб была вiнтоўка,
Дык шэры хутка б змоўк!»

Але няма вiнтоўкi,
Ды й Воўка сам не дзюж.
Схiлiўшыся, з галоўкi
Ён зняў свой капялюш:

«Вiтаю вас, панове,—
Ласкава ён казаў.—
Шчаслiвы, што ў дуброве
Цара звяроў спаткаў.

Як жончына здароўе?
Як дзетачкi растуць?
Якое пагалоўе
Авечак сцерагуць?»

I тут убачыў Воўка
I лездьве не сканаў —
Сапраўдную вiнтоўку
У лапах воўк трымаў.

А шэранькi ўсмiхнуўся,
Падаў прыветны гук,
Да Воўкi прыхiнуўся,
Сказаў: «Жывi, шчанюк!

Худы мне не патрэбны,
Бо я цяпер не той:
Мядзведзь, як заяц, з’едзены,
Забiты ўчора мной.

Вось з гэтаю вiнтоўкай
Я нарадзiўся зноў,
У лесе самы лоўкiм Я нават без зубоў.

Цяпер я выйшаў ў людзi —
Намотвайце на вус,—
Вышэй трымаю грудзi
За нашу Беларусь».

 

* * *

За першы снег

На світанку выпаў снег,
Першы і жаданы.
За сустрэчу хіба грэх
Чарку ўзняць пашаны?

Стаў суседа заклікаць —
Толькі на хвілінку,
Але як не павітаць
Кожную сняжынку?

Давялося выпіць шмат —
Не было ў тым здрады:
Чулі ўсе пятнаццать хат,
Як давалі рады!

Галава калі п’яна —
Прэ з грудзей здароўе:
Што б рабіла без віна
Наша пагалоўе?!

 

* * *

Адліга

На двары снежань,
але буйнымі кроплямі
плачуць дахі дамоў.
Зімовая адліга,
несвоечасовая і таму шкодная:
ад яе ўсе хваробы.
Нават шэрая варона,
звесіўшы дзюбу,
заплюшчыла вочы,
каб не бачыць нічога —
мабыць птушцы абрыдла жыццё,
бо насмарк закатаваў старую.

 

* * *

Над дрыгвою шэрых будняў
не схiлю ў тузе бязмежнай
ветразь мар высакародных
аб наступным Валадарстве
Духа Праўды i Свабоды.
Гэта болей за Айчыну,
ўпершыню дзе сонца бачыў.
Гэта болей за каханне,
дзе напiўся з любых вуснаў.
Валадарства Божай ласкi —
гэта Света перамога
над бязлiтаснаю цемрай
шматгадовага дзiкунства.
З бессмяротнасцю спатканне
душ пакутлiвых i шчырых,
што чакалi праўды Боскай
як ад лiха пазбаўлення.
Хай я толькi кволы човен
у жыццёвым бурным моры.
Ветразь мой, мая надзея
нi на родную краiну,
нi на розум чалавечы,
а на Праўду i Свабоду
Валадарства Божай ласкi!

 

* * *

Ён страляў ў мяне з’едлівым словам,
Каб трапіць у самае сэрца,
О, гэта было зусім не новым,
Як іржавая з кратамі дзьверца.

Ён страляў старанна — зласліва
Словам жорсткім, бальней, чым куля.
І было ўсё да крыўды праўдзіва,
Але мы ўжо гэта чулі.

Ён глядзеў на мяне, усміхаўся
І казаў: «Пагутарым без спрэчак!
Ці не белай варонай ты стаўся
Сярод статка Хрыстовых авечак?

Нават дзіўна: на глебе біблейскай
Здолеў вырасці гэткім святошай:
Дзе вучыў цябе Бог юдэйскі
Адмаўляцца ад мяса і грошай?

Дзе вучыў быць заўсёды цвярозым,
Святкаваць без напоўненай чаркі,
Бачыць кожнай казурачкі слёзы
І вітаць ў небе сонца і хмаркі?

Ты, канешне,— дзіцятка прыроды:
Супраць сварак, забойства і п’янства,
Але што нарабілі народы
Пад крывавым крыжом хрысціянства?

Шлях царквы зразумець немагчыма:
Што там болей — вар’яцтва, ці здрады?
І таму ад Масквы і ад Рыму
Не чакай ты ніякай спагады.

Сярод дзікіх бязлюдных абшараў
Лепш застацца табе галотай,
Чым сярод багамольных твараў
Захварэць назаўжды адзінотай.

Эх, пясняр! Пра якога ты Бога
Байкі кажаш глумлівым нашчадкам,
І ў пачуццях сваіх да жывога
Чарвяка лічыш Божым дзіцяткам?

Свой Хрыстос у цябе, чалавеча,
Пра такога не чуў я ніколі!
Дзе з Такім была ваша сустрэча?
Гэты б — камень крануў да болю!»

 

* * *

Укрыжаваны двойчы

Гора вам, законнікам,
                што вы ўзялі ключ разумення:
                самі не ўвайшлі і ўваходзіць
                перашкодзілі.

 

Эвангелле пав. Лукі 11:52

 

Хрыстос! Хрыстос!
Журба маёй душы —
Месія палымяны і прарок —
укрыжаваны двойчы.
Галгофы крыж пакут —
пачаткам толькі быў
вялікай здрады.
Вучыцеля забіўшы,
было трэба знішчыць
і Яго вучэнне.
Укрыжаваць на літарах закона
магутны дух
кахання незямнога.
I пачалося…
Напэўна, лепш маўчаць:
Распавядаць не варта
аб другой Галгофе,
калі з Праўдзівасцю
зрабілі, што хацелі,
ўсе тыя,
хто ўмее жыць,
карысць здабыўшы
дзеля сваёй улады.
І ў выніку
ад спадчыны духоўнай
нам засталіся рэшткі,
толькі рэшткі!
Але сабраўшы іх,
як скарб, ў далоні сэрца,
магчыма вернікам
з вялікай прагай Бога
ніколі не загінуць
ў мітусні жыцця зямнога.
І нават дасягнуць
крыніцы вед праўдзівых —
Эвангелля з Нябёс —
якога не кранула
нячыстая рука
з нячыстай думкай
хітруна зямнога.
Вось дзе яно,
Эвангелле любові
і літасці бязмежны акіян.
У ім увесь Хрыстос —
магутны і пяшчотны,
вялікі сябра
ўсіх жывых істот!
Але такі, як ёсць,
Ён быццам невядомы
сляпым правадырам
абкрадзеных людзей.

Хрыстос! Хрыстос!
Журба маёй душы —
Ахвяра здрады і хлусні —
укрыжаваны двойчы.

 

* * *

Куды ляціш,
шалёнае грамадства,
ў жалеза апранутае
і шкло,
ў дыме машын
і жудасных ракет?
Пад ганарлівым сцягам
з плямамі крыві,
з нялюдскім лямантам:
«Дадаць,
дадаць яшчэ
правоў і грошай!»
Што гэта за вар’яцтва?
Што за рух?
Але калі глядзець
духоўнымі вачыма
скрозь імглу маркотную
прывіднага жыцця,
убачыш сэнс злавесны
ў гэтых гульнях.
То наступ усяго зямнога
на ціхае Нябеснае Святло,
што кліча да сябе,
як вечны паратунак.
За Iм пяшчотным
і непераможным
і душамі Яго святых,
дзе Божае Святло
знайшло Сабе алтар,
палюе цемры дух —
жахлівы князь зямлі.
З ім легіёны тых,
што шчасце набываюць
драпежнай пашчай,
ўзброенай клыкамі.
Статут Нябёс
такім гаспадарам
не надта зручны,
бо вучыць Ён,
як жыць сярод ваўкоў,
а па-ваўчынаму
не выць ніколі.
То выклік
непраўдзіваму жыццю,
зварот
да чалавечага сумлення.
Але навошта гэта
зграі ненажэрнай,
дзе грошы —
бог,
які дае ёй ўсё.
Таму і
навокальная
хлусня
набыла выгляд
«вялікага прагрэса»
прывабнага
дзівосамі навук,
і з лямантам:
«Яшчэ!
Яшчэ!
Дадаць
правоў
і грошай!»
Але чакаць
не доўга —
хопіць ўсім!

 

* * *

Хай будзе гэта
мой апошнi час…
Туман знiкаючых гадоў
пакрые шлях жыцця,
i фарбы восенi глыбокай
злiюцца з шэранню сiвых валос.
Чырвоны захад у вачах
слязой крывавай адаб’ецца.
Але не змоўкне песня на зямлi,
якую я прапеў аб Небе:
другiя песняры яе працягнуць,
пакуль не запалае Праўды ўсход.

 

* * *

Бясконцая дарога.
Ўздоўж яе
драўляныя слупы,
счарнелыя ад часу,
у палоне правадоў
тужлівай чарадой
праходзяць шлях зямны.
Вакол вясна! Вясна!
Квітнее свет
вясёлкай велізарнай!
А як жа вы,
драўляныя слупы?
Ці сніце зноў
сваю апошнюю вясну
мінулага жыцця,
калі былі вы дрэвамі?
А нам?
Даруеце вы нам
цяжкі свой лёс?

 

* * *

Да якой далучыўся я нацыі?

Да якой далучыўся я нацыі,
Калі ласка, Пан Бог, адкажы?
Два гады я ўжо ў эміграцыі,
А не быў на дзяржаўнай мяжы.

Як прыняў ўсёй душой мову матчыну
І адчуў невядомы імпэт,
Я набыў і краіну, і спадчыну
Нават новым убачыў я свет.

Але дзіўна: чароўная мова
Як чужая на роднай зямлі,
І мяжой беларускае слова
Пралягло паміж мной і людзьмі.

Я не ведаў, што гэта магчыма,
Пакуль мову душой не спаткаў.
О! Якую хваробу, Айчына,
Наш няшчасны народзе прыдбаў!

Два гады я ўжо ў эміграцыі,
А не быў на дзяржаўнай мяжы,
Да якой далучыўся я нацыі,
Калі ласка, Пан Бог, адкажы?